УРЭ́ЦКІ СПІРТАВЫ́ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1830 як вінакурны з-д у мяст. Урэчча Бабруйскага пав. (цяпер гар. пасёлак Любанскага р-на Мінскай вобл.). Меў вадзяны рухавік, паравы кацёл, 4 печы, горан, 2 кубы, 3 чаны. На ім працавала 7 чал., выраблялася 7400 вёдраў спірту за год. У 1847 для з-да пабудаваны 2-павярховы будынак. Завод неаднаразова рэканструяваўся. У 1982—98 уведзена ў эксплуатацыю новае спіртасховішча, поўнасцю рэканструяваны рэктыфікацыйны цэх, часткова брадзільны; устаноўлены брагарэктыфікацыйная ўстаноўка, 4 брадзільныя чаны, што дазваляе атрымліваць са збожжа спірт высокай якасці («Экстра», «Люкс»). Асн. прадукцыя (2002) — спірт-рэктыфікат; спадарожная — вуглякіслы газ і брага. З 2001 У.с.з. у складзе вытв.-гандл. рэсп. унітарнага прадпрыемства «Мінск Крышталь» на правах філіяла.
т. 16, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)